З любоўю да роднага слова

Чарговы чацвер 7.12.2017 г. прайшоў пад назвай "З любоўю да роднага слова".

І ў пачатковай, і ў старэйшай школе прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове. Вучні 3 і 4-х класаў рабілі малюнкі да беларускіх вершаў пра мову і родны край. Старэйшыя вучні аформілі каляровы стэнд, размясціўшы на ім работы вучняў. Таксама дзеці прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў вершаў пра родны кут. Вучні правялі акцыю "Я люблю родную мову", зрабіўшы выявы ў форме сэрца - сімвала любві і вернасці.

Кветкі Беларусі

У апошні восеньскі дзень 30 лістапада на фонеі першага бліскучага снегу ўспыхнулі яркія рознакаляровыя кветкі. Гэта не казка. Гэта чарговы дзень беларускай мовы ў нашай школе № 13. Сёння ён быў прысвечаны беларускім кветкам.

У фае школы радаваў вока маляўнічы стэнд з выявамі цудоўных кветак і цікавымі звесткамі пра іх. Вучням была прапанавана віктарына "Ці ведаеш ты беларускія кветкі". За правільныя адказы вучні атрымлівалі выявы розных кветак. Дзеці не толькі дакрануліся душой да прыгожага, але і мелі магчымасць паразмаўляць на мілагучнай роднай мове.

Рускі самародак, які стаў набыткам Беларусі

 У чацвер 23.11.2017 года вучні нашай школы мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю галоўнага песняра, беларускага кампазітара і спевака Уладзіміра Мулявіна. Шмат гадоў ён кіраваў ансамблем "Песняры" і ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускай песні. На ўроках літаратуры вучні слухалі песні ў выкананні У. Мулявіна, на перапынку ля стэнда знаёміліся з цікавымі звесткамі пра славутага чалавека.

«Падарожжа па краіне беларусаў»

У чацвер 16.11.2017 прайшоў чарговы дзень беларускай мовы. Дзеці пачатковых класаў з цікавасцю прынялі ўдзел у віктарынах і конкурсах, прысвечаных роднаму краю. Настаўнік гісторыі Юрчанка В.В. падрыхтавала і правяла ў 6-х і 7-х класах вусны часопіс пад назвай «Падарожжа па краіне беларусаў», дзе пазнаёміла вучняў з цікавымі гістарычнымі падзеямі мінулага, з яркімі, таленавітымі асобамі. На прыпынках усе жадаючыяі маглі праверыць свае веды, адгадваючы імёны славутых жыхароў Беларусі, размешчаныя на стэндзе. Дзень быў вельмі пазнавальны і карысны як для вучняў, так і для настаўнікаў.

Беларуская казка - розуму падказка

З маленства казка ідзе побач з намі. Яна захапляе нас святлом незвычайнага, фантастычнага. 09.11.2017 года ў школе прайшоў дзень беларускай мовы, прысвечаны вуснай народнай творчасці. Дэвізам дня стала беларуская прыказка "Добрая казка - розуму падказка".

Вучні апынуліся ў чароўным, казачным свеце. Прадстаўнікі 5 "А" класа падрыхтавалі выставу кніг "На сустрэчу з беларускай казкай", з задавальненнем пагледзелі мультфільм "Ліса, мядзведзь і мужык". Творчыя вучні ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў "Беларуская казка". Лектарская група пазнаёміла вучняў з гісторыяй з'яўлення казкі, яе відамі. Самыя кемлівыя прыняліі ўдзел у віктарыне "Ці ведаеш ты беларускія народныя казкі?" Вучні зрабілі вывад, што казкі вучаць дабрыні, чалавечнасці, падказваюць выйсце з цяжкіх сітуацый, бо іх стваралі мудрыя продкі - нашы настаўнікі і дарадцы.

     

Падарожжа ў Княства нявызнаных скарбаў

Апошні чацвер першай чвэрці, 26.10. 2017 года, прайшоў у школе пад дэвізам:


Мова, 
Пявучая родная мова, 
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў. 
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў 
Мае ў сабе тваё кожнае слова.

 

Вучні працягнулі вандроўку па цудоўнай краіне роднай мовы.На гэты раз з настаўнікам інфарматыкі Ціхановіч І. С. дзхеці вывучалі камп’ютарную грамату на роднай мове. Вучням былі прапанаваны каляровыя карткі з выявамі камп’ютарных паняццяў і назвы гэтых паняццяў. Трэба было як мага хутчэй суаднесці іх паміж сабой. Правільны варыянт затым быў размешчаны на стэндзе, дзе ўсе жадаючыя маглі з лёгкасцю пасцігаць камп’ютарную грамату на мілагучнай роднай мове. 
Вучні малодшага звяна у той час таксама не сумавалі. Ім была прапанавана вандроўка па станцыях роднага краю.Дзеці пазнаёміліся з гарадамі і славутымі мясцінамі Беларусі, з прыродным багаццем роднага краю, з- рамёствамі і прафесіямі беларусаў, а на станцыі роднай мовы яны чыталі і тлумачылі беларускія прыказкі, называлі свае імёны па-беларуску . Падарожжы былі цікавымі і карыснымі .

У гасцях у бабкі Агапкі


19 кастрычніка вучні нашай школы трапілі ў краіну беларускіх народных казак. Для малодшых вучняў іх настаўнікі падрыхтавалі віктарыны па казках пад назвай “У гасцях у бабкі Агапкі”. Прадстаўнікі 5-6 класаў удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Мае любімыя казкі”.
А вучні старэйшых класаў мелі магчымасць прачытаць на стэндзе, які падрых-тавала настаўніца замежнай мовы Казлоўская А.А., казкі свайго дзяцінства : “Курачка Раба”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Не сілай, а розумам” – на англійскай мове і параўнаць іх гучанне з беларускай мовай. Дзеці зацікаўлена бавілі вольны час каля займальнага стэнда.
У гэты дзень настаўнікі рускай мовы выкарысталі на сваіх уроках заданне “Перакладзі з беларускай мовы на рускую”. Вучням цікава было чуць з вуснаў сваіх настаўнікаў родную мову.

 

З народнага календара

Сёння, 12.10.2017 года, у рамках адзiнага дня беларускай мовы вучнi нашай школы атрымалi магчымасць «пагартаць» народны каляндар і паразмаўляць на беларускай мове. Разам са сваiмi вучнямi настаунiца геаграфii Ганакова Галiна Аляксандраўна аформіла iнфармацыйны стэнд пад назвай «З народ-нага календара», дзе шмат чаго цiкавага можна было даведацца пра беларускiя святы розных пор года. Таксама была наладжана выстава-кiрмаш «Дары восенi», на якой размясціліся гароднiна(бульба, капуста, кабачок, перац, гарбуз, морква, бурак I iнш.) , садавiна (яблыкi, вiнаград) івосеньскія кветкi (вяргiня, хрызантэма). А запрашала ўсіх да сябе ў госці прыгажуня гаспадыня, якую дзецi разам з настаунiцай зрабiлi ў гуртку «Юны эколаг». Выстава-кiрмаш атрымалася вельмi рознакаляровай, прыцягвала ўвагу дзяцей. Таксама была праведзена вiктарына па класах на тэму народных святаў. Разам з пытаннямі вучням была прадстаўлена “чорная скрыня” з цікавай прыладай працы – серпам.

Яркае мерапрыемства вельмі зацікавіла вучняў, выклікала жаданне разважаць і адказваць на роднай мове. Размаўляйце па-беларуску!

Гісторыя роднага горада

5 кастрычніка вучні нашай школы пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Кісляк А.С. знаёміліся з цікавымі старонкамі гісторыі роднага горада Магілёва. Па класах было праведзена завочнае падарожжа “Па сцяжынках роднага горада?”, а таксама вучні інфарматары прапанавалі віктарыну “Што я ведаю пра гісторыю Магілёва?”.

Актыўнасць і неабыякавасць дзяцей гаварылі аб тым, што яны любяць свой родны кут і ведаюць яго слаўную гісторыю. У пачатковай школе настаўніца Кавалёва А. В. таксама праводзіла завочнае падарожжа па родным горадзе, выкарыстоўваючы фотаздымкі і малюнкі цікавых месцаў Магілёва. Мерапрыемствы былі вельмі карыснымі, бо яны садзейнічалі патрыятычнаму выхаванню маленькіх беларусаў.

Мы – беларусы!

Усё большая колькасьць настаўнікаў уключаецца ў арганізацыю і правядзенне адзіных дзён беларускай мовы. 28 верасня эстафету прымала настаўніца хіміі Мельніковіч Аляксандра Дзмітрыеўна. Дзень прайшоў пад дэвізам “Мы – беларусы!” На гэты раз вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з таленавітымі людзьмі – лаўрэатамі нобелеўскай прэміі з беларускімі каранямі. Вучні старэйшых класаў заходзілі ў кожны клас з дэманстрацыяй невялікіх хімічных вопытаў. Тыя, каму былі прадэманстраваны вопыты, павінны былі па-беларуску адказаць на пытанні, апісаць рэзультаты вопыту, адгадаць, на які колер зменіцца прапанаванае рэчыва. Вучні з задавальненнем вывучалі хімію на беларускай мове.

Таксама ў гэты дзень вучні 10 “А” класа напяржэдадні Дня настаўніка падрыхтавалі творчую, вельмі яркую газету для сваіх настаўнікаў з віншаваннямі і пажаданнямі на беларускай мове. Усе жадаючыя маглі прышпіліць на стэнд з газетай сваю зорку-пажаданне любімым настаўнікам. Беларускі чацвер 28 верасня выдаўся святочным, напоўненым творчасцю вучняў і настаўнікаў, а таксама яркімі эмоцыямі і пазітыўным настроем.